https://doi.org/10.25312/2391-5137.14/2020_06ei
Eugene Ivanov https://orcid.org/0000-0002-6451-8111 Mogilev State A. Kuleshov University
У артыкуле разглядаецца паняцце антыпрыказкі, асноўныя этапы яе развіцця і вывучэння як лінгвістычнага феномена. Акрэсліваецца праблема даследавання і лексікаграфічнага апісання антыпрыказак у сучаснай беларускай мове. Вызначаюцца і паслядоўна апісваюцца гісторыя развіцця, аб’ём і склад, асноўныя сферы ўжывання, тэматычныя групы, разнавіднасці прататыпаў (зыходных тэкстаў), прадуктыўныя спосабы дэрывацыі, віды сувязі з прататыпам, структурныя тыпы і варыянтныя формы беларускіх антыпрыказак.
Ключавыя словы: сучасная беларуская мова, прыказка, антыпрыказка, змест, структура, утварэнне, ужыванне
Адначасова з ужываннем прыказак y традыцыйнай форме яны часта пераўтвараюцца ў маўленні з мэтай парадзіравання, высмейвання, абвяржэння агульнавядомых ісцін. “Жартоўная або сур’ёзная гульня з прыказкамі” дзеля “крытычнага супрацьстаяння старой мудрасці” [Mieder, 1998: VI] атрымала шырокую распаўсюджанасць у наш час, хоць і ўзнікла, відаць, разам з самімі прыказкамі.
1 Даследаванне выканана ў межах навуковага праекта «Універсальнае і нацыянальнае ў фразеалагічнай і парэміялагічнай падсістэмах беларускай мовы (у еўрапейскім моўным кантэксце)» (ДР№ 20161332) падпраграмы «Беларуская мова і літаратура» Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» на 2016–2020 гг.
Пераўтварэнні прыказак з мэтай жартаўлівага абыгрывання іх сэнсу, як вядома, з’ява не новая, «пераробкі прыказак з’яўляюцца такімі жа старадаўнімі, як і самі прыказкі» (Walter, Mokienko, 2002: 8). Яшчэ антычныя аўтары часта парадзіравалі як выказванні адзін аднаго, так і набыўшыя шырокую вядомасць выслоўі (Ярхо/Yarho, 1982: 459). Моўная гульня з прыказкамі набыла асаблівую значнасць у сярэднявеччы ў сувязі з узнікненнем карнавалізацыі рэчаіснасці, выкарыстоўвалася і ў Новы час, калі пры пераасэнсаванні поглядаў на свет пад сумненне стала падпадаць дагэтуль бясспрэчная і неабвержная народная мудрасць. Так, у трактаце Н. Брэтана «Crossing of Proverbs» (1618) аспрэчвалася праўдзівасць адлюстраваных у прыказках заканамернасцей быцця чалавека і прыроды, паколькі сэнс парэмій, паводле фармальнай логікі, вельмі часта не адпавядае ісціне. Змест прыказак і іх збыткоўнае ўжыванне былі аб’ектам крытычнага асэнсавання і ў асобных літаратурных творах, найбольш вядомым з якіх ва ўсходнеславянскай традыцыі з’яўляецца камедыя рускай імператрыцы Кацярыны ІІ «La rage aux proverbes» (1788).
З пачатку ХІХ ст. мэтай парадзіравання і асмяяння прыказак шляхам іх трансфармацый, відаць, упершыню стала толькі моўная гульня, што асабліва выразна выявілася ў французскай моўнай культуры. Вось, напрыклад, як Анарэ дэ Бальзак у аповесці «Un debut dans la vie» (1842) характарызуе той час: «У тыя гады ў майстэрнях жывапісцаў была мода перайначваць прыказкі. Кожны імкнуўся замяніць некалькі літар або адшукаць больш ці менш падобнае слова і надаць прыказцы недарэчны або пацешны сэнс». Неўзабаве ў пачатку ХХ ст. з’явіліся і першыя выданні перафразаваных прыказак. Адным з найбольш вядомых быў зборнік
«152 proverbes mis au goût du jour» (1925) французскіх пісьменнікаў-сюррэалістаў П. Элюара і Б. Пярэ (Éluard, Péret, 1972).
У ХХ стагоддзі наўмыснае пераўтварэнне прыказак дзеля стварэння парадыйнага або жартаўлівага эфекту набыло масавы характар у розных еўрапейскіх мовах, што дазваляе гаварыць пра інтэрнацыянальную прыроду такіх пераўтварэнняў як маўленчага жанру, напр.: англ. Marry in haste, and pay alimony at leisure; Eat, drink and be merry for tomorrow they may recall your credit card, ням. Lügen haben schöne Beine; Gegensätze ziehen sich an. Und dann aus, фр. Il faut battre son frere quand il est chaud; Соmmе on fait son nid on se couche, чэш. Kradenýmu koni nekoukej na zuby!; Svět se mění, jen ODS zůstává stejná; серб. Ko drugome jamu kopa sam u New Orleans; Ne jedi govna kad je burek 0,80 centi, польск. Gdzie kucharek sześć, tam cycków dwanaście; Gdyby kózka nie skakała, to by ślimak wystaw rogi, руск. Старого воробья без пива не прожуёшь; Голод не тётка – в лес не убежит, укр. Своє болото ближче до тіла; Сміється той, хто сміється після іспиту і г.д.
У сучаснай парэміялогіі такія пераўтварэнні прыказак дзеля стварэння парадыйнага або жартаўлівага эфекту атрымалі назву «антыпрыказкі», паводле амерыканскага парэміёлага В. Мідэра (ням. Antisprichwörter, гл. Mieder, 1982–1989; англ. anti-proverbs, гл. Miederm Litovkina, 1999). Трэба адзначыць, што ў фразеалогіі антыпрыказкам адпавядаюць «фразеалагізмы-бяссэнсіцы» (Айсман/Ajsman, 1988), пабудаваныя паводле «формулы немагчымага» (Богатырев/Bogatyrjov, 1962).
Нягледзячы на даволі працяглы час функцыянавання антыпрыказак у розных мовах, іх мэтанакіраваная фіксацыя і лексікаграфічная апрацоўка пачаліся толькі ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя на матэрыяле спачатку нямецкай мовы (Mieder, 1982–1989), а потым чэшскай (Schindler, Bittnerová, 1997), англійскай (Mieder, Litovkina, 1999), венгерскай (Litovkina, Vargha, 2005) і іншых моў. Першыя слоўнікі рускіх антыпрыказак з’явіліся ў пачатку ХХІ ст. (Walter, Mokienko, 2002; Вальтер, Мокиенко/Val’ter, Mokienko, 2005; Мокиенко, Вальтер/Mokienko, Val’ter, 2006; Иванов/Ivanov, 2009).
Беларускія антыпрыказкі пакуль яшчэ чакаюць сваёй паўнавартаснай лексікаграфічнай апрацоўкі, хоць існуюць адзінкавыя слоўнікавыя матэрыялы (Іванова, Іваноў, Шпакоўская/Іvanova, Іvanou, Shpakouskaja, 2010).
Вывучэнне антыпрыказак як парэміялагічнай і лінгвістычнай з’явы пачалося таксама зусім нядаўна, у тым ліку і на матэрыяле славянскіх моў. Адной з першых спроб апісання адзінак, утвораных шляхам другаснай дэрывацыі з мэтай парадзіравання зыходных тэкстаў, з’яўляецца шырока вядомая праца Р.Я. Крэйдліна
«Структура афоризма» (Крейдлин/Krejdlin, 1987). Пачалі збірацца і вывучацца антыпрыказкі чэшскага (Schindler, 1993) і іншых славянскіх народаў. З пачатку ХХІ стагоддзя на матэрыяле рускай мовы вельмі актыўна даследуюцца асноўныя прыметы і тыпы, функцыі і спосабы ўтварэння, структурныя і семантычныя ўласцівасці антыпрыказак (Вальтер, Мокиенко/Val’ter, Mokienko, 2001; Николаева/ Nikolajeva, 2002; Селиверстова/Seliverstova, 2003; Вальтер/Val’ter, 2004; Жигарина/ Zhigarina, 2006; Боровая, Іванов/Borovaja, Ivanov, 2007; Вальтер, Мокиенко/Val’ter, Mokienko, 2007; Федорова/Fjodorova, 2007; Бутько/But’ko, 2009; Иванов/Ivanov, 2009; Иванов, Боровая/Ivanov, Borovaja, 2009; Маслова/Maslova, 2014; Никитина/Nikitina, 2014; Савенкова/Savenkova, 2014; Зайкина/Zajkina, 2015, Иванов/Ivanov, 2016: 33–46 і інш.). Увага надаецца параўнальнаму аналізу рускіх і англа-амерыканскіх антыпрыказак (Litovkina, 2006, 2007). Разам з тым вывучэнне антыпрыказак яшчэ метадалагічна і канцэптуальна не аформілася, дагэтуль няма агульнапрынятага погляду на вызначэнне паняцця «антыпрыказка», некаторыя даследчыкі ўвогуле лічаць яго неабгрунтаваным, а сам тэрмін – штучным (Дубичинский/Dubichinskij, 2005 і інш.).
Беларускім антыпрыказкам прысвечана няшмат прац (Іваноў/Іvanou, 2009, 2013, 2017: 117–134; Іваноў, Канавалава/Іvanou, Kanavalava, 2010, 2011; Иванов/
Ivanov, 2011; Канавалава/Kanavalava, 2010а, 2010б, 2010в, 2011; 2013; Коновалова/ Konovalova, 2011 і інш.), таму вывучэнне асаблівасцей зместу і структуры, утварэння і функцыянавання антыпрыказак у беларускай мове з’яўляецца адной з актуальных праблем сучаснай парэміялогіі як адносна новай лінгвістычнай дысцыпліны, што імкліва развіваецца ў апошні час (гл. Лепешаў/Lepeshau, 2006; Паремиология в дискурсе/Paremiologija v diskurse, 2015; Паремиология без границ/Paremiologija bez granic, 2020).
Найбольш значныя прынцыпы і нормы грамадскага і духоўнага жыцця здаўна адлюстроўваюцца ў прыказках, якіх у беларускай традыцыйнай культуры налічваецца больш за дваццаць тысяч (паводле парэміялагічных даведнікаў І.І. Насовіча, М. Федароўскага, Ф.М. Янкоўскага, М.Я. Грынблата, Я.Н. Рапановiча, А.С. Аксамітава і інш.), а ў сучаснай беларускай літаратурнай мове – каля 1500 адзінак (Лепешаў, Якалцэвіч/Lepeshau, Yakalcevіch, 2002).
Паралельна з імі даволі актыўна, асабліва ў апошні час, ужываюцца такія адзінкі, якія ствараюцца шляхам парадыйнага або жартаўлівага пераўтварэння вядомых прыказак (або ўвогуле любых клішэ ці шырока вядомых тэкстаў) з мэтай адмаўлення, высмейвання іх зместу. Гэтая з’ява даўно распаўсюджана ў беларускай мове. З парадыйнымі пераўтварэннямі прыказак сустракаемся на старонках беларускамоўнай прэсы яшчэ напачатку ХХ ст. Напрыклад, у газеце
«Беларуская Крыніца» ад 21 лютага 1927 г. пад назвай «Старыя прыказкі на новы лад» былі надрукаваны за подпісам «Галавешка» наступныя выслоўі: На злодзею шапка форменная; Хоць мая «хатка» з краю, грошы з шулерні заграбаю; Век жыві, век вучыся, безработным памрэш; Мягка ў хаце пасьцеліш – цьвёрда на Лукішках высьпісься; Зь песьні слоў ня выкінеш – песьню сканфіскуюць; Загляне сонца ў закратаванае ваконца (Падбярэскі/Padbjareskі, 2007). На працягу другой паловы мінулага стагоддзя парадзіраванне, жартаўлівае і/або іранічнае абыгрыванне сэнсу ці формы прыказак часта з’яўляюцца на старонках беларускіх перыядычных выданняў – часопіса «Вожык», газеты «Звязда» і інш. – звычайна ў асобных рубрыках (напр.: Авечку стрыгуць, а баран смяецца; Баба з воза – конь за ёю; Груган гругану вока не пазычыць; Добра там, дзе нас няма, але да таго часу, пакуль мы не з’явімся; Кожны цыган сваю кабылу крадзе; Колькі вяровачцы не віцца, а канцоў усё роўна два; Лепей пазней, чым ні разу; Напужаная варона і вераб’я перапужае; Не кажы гоп, пакуль не гопнешся; Пакуль гром не грымне – і смажаны певень не клюне; Сямёра аднаго заўсёды знойдуць; Той свет не без добрых людзей; Хто парася ўкраў, у таго на патэльні пішчыць; Язык мой – вораг твой і да т.п.).
Аналіз сучаснай беларускай літаратурнай мовы ХХ – пачатку ХХІ ст. паказаў, што ў ёй ужываецца даволі шмат адзінак, якія можна аднесці да антыпрыказак (у тым ліку і ў шырокім сэнсе – парадыйных і жартаўлівых перафразаванняў не толькі ўласна прыказак, але і вядомых літаратурных выслоўяў, устойлівых выразаў, разнастайных прэцэдэнтных тэкстаў і інш., гл. Іванова, Іваноў/Іvanova, Іvanou, 2010; Іванова, Іваноў, Шпакоўская/Іvanova, Іvanou, Shpakouskaja, 2010). Агульная колькасць зафіксаваных у беларускай мове антыпрыказак складае ад каля 800 адзінак (Іваноў, Канавалава/ Іvanou, Kanavalava, 2010) да больш за 1800 адзінак (Іванова, Іваноў/Іvanova, Іvanou, 2010), якія адрозніваюцца паводле сферы ўжывання, тэматыкі, паходжання, способах утварэння, структурных тыпаў і інш.
Так, найбольш шырока прадстаўлены антыпрыказкі ў спецыялізаваных сатырычных выданнях, напр.: Вольку ногі кормяць… («Вожык», 1990, № 11); Мой родны кот, як
ты мне мілы! («Вожык», 1996, № 2); Не адкладвай на заўтра тое, што можна было зрабіць учора («Вожык», 1996, № 4); Народжаны лётаць поўзаць не можа («Вожык», 1999, № 7); Чым далей у лес, тым трэці лішні («Вожык», 2000, № 11); Лепш больш, але менш («Вожык», 2000, № 1); Хто ў лес, а хто не ўлез («Вожык», 2004, № 11); Сем разоў адмерай і адзін – закусі («Вожык», 2004, № 2). Антыпрыказкі часта змяшчаюцца ў спецыяльных рубрыках гумарыстычнага характару ў розных перыядычных выданнях, напр.: Кожная сасна свайму бору пень пакідае («Дзеяслоў», 2005, № 6); Не сячы сук, на якім павесішся («Дзеяслоў», 2005, № 6); Што рускаму здорава, то немцу культурызм («Дзеяслоў», 2005, № 6); Язык да клінікі давядзе («Дзеяслоў», 2005, № 6). Даволі распаўсюджаны антыпрыказкі ў інтэрнэт-маўленні, напр.: Колькі жанчыну ні кармі – яна ўсё адно бікіні купіць (dzedzich.org/wp/441/ pokazki); Комплекс Экзюперы: мы ў адказе за тых, каго своечасова не паслалі (dzedzich.org/wp/441/pokazki); Што напісана пяром… мы ціхенька падатром (skepsys. livejournal.com/62569.html). Шырока ўжываюцца антыпрыказкі ў гутарковай мове, напр.: Адзін у полі не вой (запіс 2007 г.); Маладосць гарады бярэ (запіс 2009 г.) і да т.п.
У апошні час назіраецца актыўнае выкарыстанне прыказак у змененай форме ў якасці загалоўкаў артыкулаў, у прыватнасці, у мове газет, на старонках Інтэрнэт- сайтаў. Папулярнасць і актыўнае выкарыстанне трансфармаваных устойлівых выразаў абумоўлена шэрагам наступных фактараў. Па-першае, уласцівасцямі прыказак: іх пазнавальнасцю, здольнасцю запамінацца і хутка ўзнаўляцца ў маўленні. Сучасныя камуніканты схільны не задавальняцца гатовымі ўзорамі прыказкавых тэкстаў, трансфармаваць іх у рамках той ці іншай прагматычнай устаноўкі выказвання. Па-другое, моўная свядомасць сучаснага чалавека – чалавека эпохі постмадэрнізму і сусветнай глабалізацыі прэцэдэнтна арыентавана, што стварае неабходныя ўмовы для папулярнасці трансфармаваных устойлівых выразаў. Сучасны чытач – “ідэальны спажывец сэнсаў” (Бутько/But’ko 2009: 3). Па-трэцяе, ва ўмовах хуткага, практычна маментальнага распаўсюджвання інфармацыі праз СМІ і глабальную сетку Інтэрнет, якая “не прызнае моўных межаў і цэнзурных забарон, смехавая культура прэтэндуе на права прыярытэтнасці і моўнай навізны” (Walter, Mokienko 2002: 8). “СМІ найбольш актыўна актуалізуюць сучасныя тэндэнцыі: імкненне да экспрэсіі, навізны формы і зместу, змешванню стыляў, нівеліроўкі тыпаў маўлення” (Бутько/But’ko 2009: 8). Ва ўмовах інфармацыйнага рынку, жорсткай канкурэнцыі, барацьбы за чытача СМІ як мага прывабней трэба “ўпакаваць” сваю прадукцыю, гэта значыць паднесці інфармацыю ў найбольш яскравай, характэрнай, трапнай форме, якая лёгка запамінаецца.
Выкарыстанне трансфармаваных парэміялагічных адзінак у якасці газетных
загалоўкаў – з’ява у сучаснай беларускай літаратурнай мове не такая распаўсюджаная, як у рускай мове, але з’яўляецца адной з адметных рыс функцыянавання беларускіх антыпрыказак, паколькі ў перыядычным друку антыпрыказкі па-за межамі спецыяльных рубрык найчасцей ужываюцца як загалоўкі артыкулаў ці іншых інфармацыйных або публіцыстычныых тэкстаў.
У выніку праведзенага аналізу газет “Звязда” і “Чырвоная змена” за 2006– 2009 гг.) было зафіксавана больш за 100 загалоўкаў, якія пабудаваны на аснове
трансфармаваных прыказак, напр.: Усё – цячэ, не ўсё мяняецца (“Звязда”, 01.06.2006); Хочаш жыць – плаці грошы (“Чырвоная змена”, 15.09.2006). У пераважнай большасці выпадкаў трансфармаванне прыказак у загалоўках артыкулаў мае на мэце стварэнне пародыі на зыходныя адзінкі.
Трансфармаваная прыказка ў якасці загалоўка дае агульнае ўяўленне пра змест артыкула або дае апераджальную ацэнку падзеям, з’явам, якія апісваюцца ў артыкуле. У выніку трансфармацыі зыходнай прыказкі можа адбывацца канкрэтызацыя яе значэння, калі яна набывае прывязку да пэўнай сферы чалавечага жыцця: палітычнай, эканамічнай, вытворчай, бытавой і іншых. Трансфармаваныя прыказкі ў такім выпадку ўтвараюцца з мэтай прымянення стандартнага агульнавядомага выразу да канкрэтнай сітуацыі: Касі студэнт, пакуль сезон (“Звязда”, 11.07.2006) ← Касі, каса, пакуль раса – раса далоў – каса дамоў (артыкул распавядае, як летам 2006 года ў сезонным пакосе травы прымалі ўдзел студэнты, якія атрымалі добрыя заробкі); На шыны спадзявайся, а сам не памыляйся (“Звязда”, 15.11.2006) ← На бога спадзявайся, а (ды) сам не давайся (не агінайся, не зявай) (у артыкуле гаворыцца пра паводзіны аўтамабілістаў на слізкай дарозе); Суп – усяму галава! (“Звязда”, 11.03.2006) ← Хлеб – усяму галава (у артыкуле прапануюцца рэцэпты разнастайных супоў).
Ужыванне трансфармаванай прыказкі ў ролі загалоўка артыкула можа абмяжоў- вацца адзінкавым кантэкстам, які звязаны з унікальнай сітуацыяй: Добраму танцору крылы не перашкода (“Чырвоная змена”, 21.04.2006) – Дрэннаму танцору заўсёды што-небудзь перашкаджае (у гэтым артыкуле распавядаецца пра Міжнародны фестываль сучаснага танца «Маладыя крылы 2006»). Трансфармаваная вобразная прыказка можа выкарыстоўвацца і ў прамым значэнні. Такая пераробка не страчвае павучальнасці, якая ўласціва зыходнай прыказцы: Любіш з сабакам гуляць – любі за ім і прыбіраць (“Звязда”, 09.08.2006) ← Любіш катацца – любі і саначкі вазіць. Сустракаюцца антыпрыказкі і ў творах мастацкай літаратуры, дзе яны выкары- стоўваюцца пераважна як сродкі выражэння разнастайных відаў камічнага. Шмат антыпрыказак можна знайсці, напрыклад, у мове твораў Якуба Коласа, напр.: Баба волас доўгі мае, Каго хочаш ашукае (“Новая зямля”) ← У бабы волас доўгі, а розум кароткі; Касцей гарэлка не паломіць («Новая зямля») ← Пар касцей не ломіць; Кожнай агародзіне свой час (“На ростанях”) ← Усяму свой час і да т.п. (Іваноў/
Іvanou, 2004б; 2006).
Моўную гульню з прыказкамі часта выкарыстоўваюць і іншыя беларускія пісьменнікі, а таксама драматургі і публіцысты: Хто пасеяў, той і сажне (І. Гурскі, “Вецер веку”); Майстра па вушах відаць (М. Лужанін, “Заклік”); Хто рана ўстае, таму і калгас дае (А. Макаёнак, “Таблетку пад язык”); Цішэй едзеш, у хвасце будзеш! (М. Пянкрат, “Шчасце маё”); У здаровым целе – здаровы смех (У. Правасуд, “Самы сур’ёзны дзень”); Доктар доктару вока не выклюе (Г. Марчук, “Голас і слова”); Слова – не верабей. Вылецiць – i заплацiш… (“Чырвоная змена”, 02.11.1999); Знаць ляха па халявах (“Літаратура і мастацтва”, 2000 г., № 12); Перажывём – пабачым (“Літаратура і мастацтва”, 2001 г., № 3) і да т.п. У якасці тыповага прыкладу ўжывання антыпрыказкі як кантэкстуальна не абумоўленай адзінкі, створанай
па-за межамі твора і яго кантэксту, можна прывесці радкі з сатырычнай камедыі А. Дзялендзіка “Лета”: [Марына] Нік, дапамажы выдаць сборнік вершаў. [Нік] Ага! Ты і вершаплётка? [Марына] Чым бы дзіця ні цешылася, абы не зацяжарала… [Нік] Адна з маіх жонак таксама пісала вершы. І раўнавала да маіх поспехаў. Трываць не магла мае прэм’еры! (“Полымя”, 2009. № 3).
Аднак утварэнне і ўжыванне антыпрыказак у мове мастацкай літаратуры мае ў пераважнай большасці выпадкаў яскрава аказіянальны характар, паколькі яны могуць страчваць, або, наадварот, набываць, свой парадыйны змест па-за кантэкстам твора, г.зн. суадносіцца з зыходным тэкстам як пародыя на яго яскрава функцыянальна, што дазваляе адносіць іх да жанру антыпрыказак толькі ўмоўна.
Тэматыка беларускіх антыпрыказак ахоплівае розныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека. Аб’ектам асмяяння і парадзіравання ў антыпрыказках выступаюць тыя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці сацыяльнага і духоўнага жыцця, якія адлюстраваны ў адзінках парэміялагічнага фонду беларускай мовы і з’яўляюцца эпістэмалагічна актуальнымі, значнымі для сучасных носьбітаў мовы, напр.: Колькі не вучыся, усё роўна болей за тэлевізар ведаць не будзеш ← Век жыві – век вучыся; Дарагая тая хатка, за якую заплаціў падаткі ← Дарагая тая хатка, дзе радзіла (нарадзіла) мяне матка; Здароўе за грошы не прадасі ← Здароўе мілейшае за грошы; З кім павядзешся – ад таго і захварэеш ← З кім павядзешся, ад таго <і> набярэшся; Не капай яму другому… бясплатна ← Не капай яму другому – сам у яе ўвалішся; Рыхтуй сані летам, а пасаду з моладу ← Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам; Хочаш жыць – умей лётаць… па ўрачах і аптэках ← Хочыш жыць – умей круціцца; Цішэй едзеш – больш даішнікаў здзівіш ← Цішэй едзеш – далей будзеш; Чым бы дзіця не цешылася, абы бацькі не плакалі ← Чым бы дзіця ні цешылася, абы (толькі б) не плакала; Што пасееш, тое і збяруць суседзі па дачы ← Што пасееш, то (тое) і пажнеш і да т.п.
Прыказкі з’яўляюцца і ўспрымаюцца як “няпісаная канстытуцыя” народнага жыцця, правіл паводзін і адносін паміж людзьмі. У прыказках заўсёды асуджаецца здрада, гультайства, лянота, п’янства, балбатунства, махлярства, падхалімства і іншыя людскія заганы. Адначасова ў прыказках ухваляюцца працавітасць, гаспадарлівасць, сяброўства, павага да бацькоў, прага да вучэння і розуму і іншыя вартыя пераймання з’явы чалавечага жыцця. Уся гэта прыказкавая мудрасць адлюстроўваецца нібыта ў крывым люстэрку ў антыпрыказках, у якіх пануюць псеўдажыццёвыя назіранні, пастуліруюцца як станоўчыя такія з’вы жыцця і якасці чалавека, што на самой справе з’яўляюцца адмоўнымі: “гультайства” (напр.: Ты, работа, нас ня бойся: мы цябе чапаць ня будзем); “п’янства” (напр.: Позна выпітая другая – марна выпітая першая; У гарэлкі ёсць адзін недахоп – гэта яе недахоп!); “падхалімства” (напр.: Не хапае ізвілін – круці хвастом); “хабарніцтва” (напр.: Не бярыце хабару ніжэй сваёй годнасці); “глупасць” (напр.: Дурняў трэба берагчы. Калі яны знікнуць, як адрозніш разумных) і інш.
Усё тое, што ў народных прыказках сцвярджаецца як станоўчае, добрае, правіль- нае, у антыпрыказках паказваецца як дрэннае, няправільнае, такое, чаго нельга прытрымлівацца. І наадварот, усё тое, што ў традыцыйных прыказках асуджаецца, у антыпрыказках ухваляецца, набывае станоўчую ацэнку. У тых антыпрыказках, што парадзіруюць жанр прыказак увогуле, як цэласную з’яву, выказваюцца пагардлівыя адносіны да такіх рэалій, якія спрадвеку лічыліся асноўнымі чалавечымі каштоўнас- цямі: “каханне” (напр.: Распускае ня сэкс, а ягоная адсутнасьць; Ува што закахаўся, тое і цалуй!); “прыгажосць” (напр.: Прыгожая жанчына радуе мужчынскае вока, брыдкая – жаночае); “гаспадарлівасць” (напр.: Выносячы смецце з хаты, не вы- нось і венік); “любоў да працы” (напр.: Не біся галавой аб сцяну: працу будаўнікоў трэба паважаць); “вучэнне” (напр.: Вядзі канспект – лепшую шпаргалку; Не спі на лекцыях – званок праспіш) і інш.
Беларускія антыпрыказкі паводле іх тэматыкі можна дыферэнцыраваць на наступныя прадметна-тэматычныя групы (гл. Канавалава/Kanavalava, 2010б).
“Дзяржава. Улада. Палітыка” напр.: Не такі страшны закон, як яго тлумачаць; Дзе нарадзіўся, там і аштрафавалі; Не ў свае сані не судзіся; За морам цялушка – паўгроша, але ж мытня не спіць; Нельга двойчы ўвайсці на той самы Майдан; Смяецца той – хто кіруе!; Куды не кінь – усюды Клінтан. Моніка Левінскі; Не вер казлу ў капусце, а дэпутату ў парламенце; На пажарным і шапка гарыць; Заўважана, што надпіс на капоце машыны “ДАІшнікі – казлы” значна хутчэй прыводзіць да мойкі, чым варыяцыі на тэму: “Памый мяне, я ўся чашуся”; На злодзею шапка форменная; За морам цялушка – паўгроша, але ж мытня не спіць; Каму многа дадзена, аб тым ведае пракурор; Лапата – друг салдата і інш.
“Эканоміка. Фінансы”, напр.: Ня май сто рублёў, а май сто даляраў; Учора былі вялікія, але па 5, а сёння маленькія, але па 50 [грашовыя банкноты]; На чужы базар са сваімі цэнамі не ходзяць; Нязваны госць лепей, чым падатковы інспектар; Адзін – з сошкай, сёмера – з праверкай; Салодкая яда – жывату бяда, а кандытару прыбытак; Траянскаму каню глядзяць не ў зубы, а пад хвост; Ні кала ні двара, толькі віла на Канарах.
“Вытворчасць. Праца”, напр.: Цяпер і адзін у полі воін, калі ён трактарыст ці камбайнёр; Як труса ні кармі, а ўсё роўна быка з яго не выгадуеш; Праца ўпрыгожвае чалавека, асабліва ў цырульні; Справа майстра баіцца, а ад бракароба бяжыць; Не месца ўпрыгожвае чалавека, а зарплата; Век жыві, век вучыся, безработным памрэш; Варона казлу не таварыш, але ў адной канторы разам працаваць могуць і інш.
“Жыццё грамадства. Сацыяльныя з’явы, працэсы”, напр.: У лазні ўсе роўныя. Таму начальства наведвае саўну; Рыхтуй сані летам, а пасаду з моладу!; Су- стракаюць па адзенні, а праводзяць па сувязях; Клан кланам выбіваюць; “Не хлебам адным будзе сыты чалавек”, – мовіў повар і дабавіў у катлеты мяса; Салаўінымі песнямі хабар не бяруць; Беражыся бандыта ззаду, хулігана – спе- раду, а бюракрата з усіх бакоў; Там, дзе добрая самагонка, не парвецца, тое, што тонка; Узяўся за гуж – забудзь пра “калёсы” [наркотыкі]; Мутацыя ня грэх, а сродак эвалюцыі; У сямі нянек дзіця без дыплому; Сэрца – не камень.
Кардыёлаг – не геолаг; Як прыйшоў Спас – плаці за газ; Сонца свеціць, ды ня грэе. Адпачынак грэе, ды не свеціць…; Смеласць бярэ гарады. Вось чаму ў вёсцы застаюцца адны нясмелыя; Кнігі робяць чалавека разумным, а газеты – нерво- вым; Камп’ютэр камп’ютеру не таварыш, а вірусаносьбіт; Цішэй едзеш – да- лей будзеш ад ДАІ; Дэвіз баксёра: “Сем разоў адмерай, а потым урэж”; Хто шмат балбоча, той дзі-джэем працуе і інш.
“Свет чалавека”, напр.: Два вякі жыць не будзеш: надакучыць; Кожны мужчына за сваё жыццё “павінен”: выхаваць жонку, вырасціць жывот, пасадзіць печань; Кожнаму сваё: агульнага няма!; І малады конь баразны не сапсуе, калі будзе стаяць у стойле; Каму шмат дадзена, таму болей хочацца; Пазнаюць птушку па памёце; Хто смяецца апошнім? Той, да каго пазней даходзіць…; Колькі не вучыся, усё роўна болей за тэлевізар ведаць не будзеш; Хто апарыўся на малацэ, той і на карову дзьме; Падумай, перш чым падумаць!; Здароўе за грошы не прадасі; Разважлівы кулік сваё балота хваліць не будзе. Як жа пасля гэтага падаваць на пашырэнне жыллёвай плошчы?; Што пасееш, тое і збяруць суседзі па дачы; Маленькі сабачка, а гаспадара моцна тузае; Байкар салаўём сыты не будзе; Прападае кату масленіца, калі гаспадыня на дыеце; Адна галава добра, а адна нага – блага; Не адзенне чалавека, а чалавек адзенне псуе; І на сонцы ёсць плямы. Бо там яшчэ няма “Комет-геля”; Які стол, такі й стул і інш.
“Адносіны паміж людзьмі”, напр.: Чалавек – гучыць горда, робат – перспектыўна; Мужчыны пазнаюцца ў грашах; Каханне – не раскоша, а самы надзейны метад пазбавіцца ад уласных грошай; Чым бы жонкі ні цешыліся, абы толькі мужы не плакалі; Чым бы дзіця ні цешылася, абы бацькі не плакалі; Сябры спазнаюцца ў бядзе… Ці калі табе трэба паручальнікі; Колькі госця ні кармі, усё роўна нап’ецца; Будуць і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя, калі ёсць казёл адпушчэння; Слова – не варабей, выскачыць – і не падумаю лавіць (казала Трандычыха) і інш.
“Духоўнае жыццё”, напр.: Беражонага і бог беражэ, – сказаў бацюшка, застрахаваўшы сваё жыццё; Добраму спеваку “фанера” не перашкаджае; “Мастацтва патрабуе ахвяр” – сказаў Атэла і з новай сілаю пачаў душыць Дэздэмону; Чым разумнейшы следчы, тым карацейшы дэтэктыў; Не бывае непрыгожых жанчын, бывае мала гарэлкі; Адна галава добра, а дзве лепш. Аб густах не спрачаюцца; Няма ліха без дабра: прапіў грошы – лягчэй кішэня стала; Усе, што робіцца, – да лепшага. А не робіцца абсалютна нічога; Не ганяйся за шчасцем, няхай яно бегае за табой; Не варта крыўдаваць на праўду – лепш за ўсё адказаць тым жа; Распаўсюджвай пра сябе добрыя слухі. Крыніца забудзецца, а сэнс застанецца; Груган гругану вока не пазычыць; Лепей есьці, чым працаваць; Не падаслаўшы саломкі не падай; Напужаная варона і вераб’я перапужае; Смех – не грэх? А калі грашыць з усмешкай?; Пакуль сем разоў адмераеш, не адзін тлусты кавалак адрэжуць і інш.
“Свет. Быційныя катэгорыі. Абстрактныя паняцці”, напр.: Час цячэ, і ўсё не мяняецца; Куй жалеза, пакуль куй ёсць; І ката ў мяшку купіш, калі вельмі патрэбен мяшок; Не ўсё тое золата найвышэйшай пробы, што блішчыць; Што рускаму здарова, то немцу культурызм; І тут пуста, і там не густа;
Новае – гэта рэабілітаванае старое; Кожнае выключэнне мае сваё правіла; Воўк лічанае бярэ. Ведае: захочуць – наноў пералічаць і інш.
Вельмі часта пераўтварэнне прыказкі ў антыпрыказку вядзе да парадзіравання або высмейвання зместу не пэўнай зыходнай адзінкі, а тых ці іншых традыцыйных народных уяўленняў, адлюстраваных у прыказках, або ўвогуле прыказак як жанру, прызначанага для захавання ў памяці грамадства найбольш значных ведаў для сацыяльнага і духоўнага выхавання чалавека, напр.: Беражонага каня і звер беражліва з’есць ← Беражонага <і> бог беражэ; Любіш катацца, дык каціся к чорту! ← Любіш катацца, любі і саначкі вазіць; Навучы дурня маліцца, дык ён атэістам зробіцца ← Навучы дурня маліцца, то ён і лоб паб’е; Сустракаюць па вопратцы, праводзяць – як могуць ← Па адзенні страчаюць (сустракаюць), а па розуму праводзяць; У ціхім віры – ціхія чэрці ← У ціхай вадзе чэрці водзяцца (вядуцца) і да т.п.
Нярэдка ў антыпрыказках парадзіруецца не змест, а толькі форма зыходных прыказак. У такіх выпадках мэтай пераўтварэння з’яўляецца моўная гульня (часта на аснове каламбура) на фанетычным, лексічна-семантычным ці граматычным узроўнях, якая можа суправаджацца ўзнікненнем тых ці іншых зместавых асацыяцый антыпрыказкі са сваім прататыпам або нейкага новага зместу ў яе, напр.: Клін клінам заганяюць ← Клін клінам выганяюць (выбіваюць); Куй жалеза, пакуль куй ёсць ← Куй жалеза, пакуль гарачае (не астыла); Лепш пагана ехаць, чым паганкі есці ← Лепш (лепей) дрэнна (пагана) ехаць, чым добра ісці; Лепш сініца ў руцэ, чым журавель з неба ← Лепш сініца ў руцэ (у жмені), чым журавель (жораў) у небе; Не ў свае сані не судзіся ← Не ў свае сані не садзіся; Хто з грашыма, той і банк ← Хто з грашыма, той і пан; Як вы нам, так і мы ім ← Як вы нам, так і мы вам і да т.п.
Адной з абавязковых умоў стварэння антыпрыказкі з’яўляецца веданне носьбітамі мовы яе прататыпа, інакш пародыя або жарт трацяць сэнс. Гэтую асаблівасць антыпрыказак, дарэчы, можна выкарыстаць для ўдакладнення парэміялагічнага мінімуму сучаснай беларускай мовы (Котова/Kotova, 2000; Ivanov, 2002; 2008; Іваноў/Іvanou, 2004а), паколькі яны з’яўляюцца трансформамі найбольш вядомых і распаўсюджаных прыказак.
Прататыпамі беларускіх антыпрыказак з’яўляюцца самыя розныя адзінкі ад ідыём да цэлых тэкстаў малых літаратурных жанраў. Да асноўных відаў прататыпаў (зыходных тэкстаў) антыпрыказак у беларускай мове адносяцца наступныя адзінкі.
Прыказкі (каля 75%), як уласна беларускія, так і запазычаныя з іншых моў, пераважна з рускай, напр.: Ведае сала, хто яго з’еў ← Ведае (знае) кошка, чыё сала з’ела; Колькі вяровачцы не віцца, а канцоў усё роўна два ← Колькі вяровачцы ні віцца, а канцу быць (канец будзе); Малы жук, ды сяброў як навядзе… ← Малы жук, ды вялікі гук; Напужаная варона і вераб’я перапужае ← Напалоханая варона і вераб’я баіцца; Не такі страшны чорт, як ягоная жонка ← Не такі
(так) чорт страшны, як яго малююць; Рыхтуй сані летам, а пасаду з моладу ← Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам; У ціхім балоце чэрці спяць ← У ціхім балоце (вадзе) чэрці водзяцца (вядуцца); Хто парася ўкраў, у таго на патэльні пішчыць ← Хто парася (парасё) украў, у таго ў вушах (увушшу) пішчыць і да т. п. Менавіта ў прыказках адлюстроўваюцца асноўныя традыцыйныя ўяўленні грамадства аб прыродзе, фізічным і духоўным свеце чалавека, сацыяльных адносінах, этычных і эстэтычных каштоўнасцях і інш. Яны вядомыя большасці носьбітаў мовы і высмейваюцца ў антыпрыказках, паколькі часта супярэчаць рэаліям сучаснага жыцця (або поглядам на свет у межах пэўнай субкультуры).
Крылатыя словы (каля 16,5%) як з уласна беларускіх крыніц, так і іншамоўных, пераважна з рускамоўных, вельмі часта шырока ўжывальныя адзінкі (якія нярэдка ўжо страцілі ў свядомасці носьбітаў мовы асацыяцыйную сувязь з тым тэкстам, адкуль яны паходзяць, і ўжываюцца ў маўленні як прыказкі), напр.: Жыццё – гэта гульня. У дурня ← Што наша жыццё? – Гульня (< руск. Что наша жизнь? – Игра – выслоўе з лібрэта М.І. Чайкоўскага да оперы П.І. Чайкоўскага “Пиковая дама”, 1890, паводле аднайменнай аповесці А.С. Пушкіна, 1833); Комплекс Экзюперы: мы ў адказе за тых, каго своечасова не паслалі ← Мы адказваем за тых, каго прыручылі (< руск. Ты навсегда в ответе за тех, кого приручил – выслоўе у перакладзе Н. Галь з рамана А. дэ Сент-Экзюпері “Маленькі прынц”, 1943); Ня дай мне, Божа, з’ехаць з глузду. Ўжо лепей кій… шары і лузу! ← Ня дай Гасподзь мне страціць клёк. Не, лепей торба і кіёк… (радкі ў перакладзе Р. Барадуліна з верша А.С. Пушкіна “Не дай мне бог сойти с ума”, 1833).
Шырока вядомыя мастацкія творы або выслоўі з мастацкіх, публіцыстычных ці іншых літаратурных твораў (каля 6%), у тым ліку на рускай мове, якая дамінуе як мова камунікацыі ў Беларусі, напр.: Эх, скручу я дудку! Такое зайграю… А лепей ня буду. І табе ня раю ← Эх, скручу я дудку! Такое зайграю, Што ўсім будзе чутна Ад краю да краю! (радкі з верша Ф. Багушэвіча “Мая дудка” з яго кнігі “Дудка беларуская”, 1891). Або: Адарвалі мішку лапу, запіхнулі пад канапу. Усё адно яго ня кіну: у ім заначка какаіну! ← руск. Уронили мишку на пол, Оторвали мишке лапу. Всё равно его не брошу – Потому что он хороший (верш А. Барто “Мишка” з цыкла “Игрушки”, 1933).
Ідыяматычныя выразы з яскравай вобразнасцю (каля 2,5%), напр.: Курым на смех ← Курам на смех; Як кіт наплакаў ← <як> кот наплакаў (асмяянне і парадзіраванне фразеалагізмаў рэалізуецца праз наўмыснае скажэнне іх знешняй формы, што вядзе да ўтварэння бяссэнсіцы).
Тыя антыпрыказкі, прататыпамі якіх з’яўляюцца крылатыя выразы, а таксама шырока вядомыя мастацкія творы, асобныя літаратурныя выслоўі, мэтазгодна азначаць як “антыцытаты” (Іванова, Іваноў/Іvanova, Іvanou, 2010) і разглядаць незалежна ад уласна антыпрыказак (у вузкім разуменні) – адзінак, прататыпамі якіх з’яўляюцца ўласна прыказкі.
Антыпрыказкі могуць суадносіцца з сэнсам свайго прататыпу (зыходнага тэксту), у якасці якога найчасцей выступае традыцыйная прыказка, наступным чынам:
развіваць зыходную ідэю, напр.: Вось палюбіш казла, а потым гадуеш сямёра казлят адна ← Любоў зла – палюбіш і казла; Дзякуючы лыжчы дзёгцю спісалі не адну бочку мёду ← <Адна> лыжка дзёгцю псуе бочку мёду; Калі дзіця забаўляецца, бацькі плачуць ← Чым бы дзіця ні цешылася, абы (толькі б) не плакала; Навучы дурня маліцца, дык ён атэістам зробіцца ← Загадай дурню богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е; Наўрад ці варта смяяцца апошнім, калі жартуе начальнік ← <Добра> смяецца той, хто смяецца апошні (апошнім); Пачуў неяк чорт, што ён не такі страшны, як яго малююць. Перабудаваўся: пачаў з ахвотай пазіраваць ← Не такі (не так) чорт страшны, як яго малююць; У гарбатага і магіла гарбатая ← Гарбатага магіла выправіць (выпрастае);
абвяргаць сэнс зыходнай прыказкі, напр.: Захочацца – сцерпіцца? Сцерпіцца – не захочацца ← Сцерпіцца – злюбіцца; Лепш за ўсё цаніць чалавека не па яго адзенні, а па адзенні яго жонкі ← Па адзежы сустракаюць, а па розуму праводзяць; Пакуль сем разоў адмераеш, не адзін тлусты кавалак адрэжуць ← Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж; Сяброў ня трэба маць, зь імі неабходна сябраваць! ← Не май сто рублёў, а май сто сяброў; У наш час нават бясплатны сыр можна набыць за вялікія грошы ← Дармовы (бясплатны) сыр бывае толькі ў мышалоўцы; Хутка знойдзе мільён “сяброў” той, хто мае мільён рублёў ← Не май сто рублёў, а май сто сяброў;
даваць новую інтэрпрэтацыю элементам зместу вядомай прыказкі, напр.: Той, хто смяецца апошнім, магчыма, не зразумеў гумару ← <Добра> смяецца той, хто смяецца апошні (апошнім); Калі маўчанне золата, дык кожная рыбка – залатая ← Слова – серабро (срэбра), маўчанне – золата; Прыйшла бяда – ненадзейныя сябры ў кусты, надзейныя ворагі – з кустоў ← Як прыйшла бяда, адчыняй варата; Тапелец, захоўвайце цішыню! ← Тапелец і за саломінку хапаецца.
Пры ўтварэнні антыпрыказак зыходныя адзінкі трансфармуюцца на розных узроўнях – фанетычным, марфалагічным, лексічным, сінтаксічным – і падпарадкоўваюцца агульным «законам пераўтварэння парэмій» (Walter, Mokienko, 2002: 13). Аднак тыя трансфармацыі прыказак, якія вядуць да ўзнікнення антыпрыказак, характарызуюцца адметнымі спосабамі і наборам фармальных і семантычных сродкаў пераўтварэнняў (Іваноў/Іvanou, 2005).
Найбольш прадуктыўнымі спосабамі дэрывацыі беларускіх антыпрыказак з’яўляюцца (паводле памяншэння ступені прадуктыўнасці) наступныя.
Рознаўзроўневыя трансфармацыі зыходнага тэксту, напр.: Доктар доктару вока не выдзеўбе ← Груган гругану вока (вачэй) не выдзеўбе (не дзяўбе, не клюе); Напужаная варона і вераб’я перапужае ← Напалоханая варона і вераб’я баіцца; Лепш верабей у руцэ, чым голуб на галаву ← Лепш сініца (верабей) у руцэ, чым журавель (жораў) у небе.
Мадэляванне пэўнага прыказкавага тэксту, напр.: За двума камарамі пагонішся – ніводзін не ўкусіць ← За двума зайцамі пагонішся, ніводнага (ні аднаго) не зловіш; Не такая страшная мама, як яе малююць першакласнікі ← Не такі (так) чорт страшны, як яго малююць; Пакуль тоўсты ссохне, худы патаўсцее ← Пакуль сыты (тоўсты) ссохне, дык худы здохне.
Разгортванне пэўнага прыказкавага вобраза, напр.: Вось палюбіш казла, а потым гадуеш сямёра казлят адна ← Любоў зла – палюбіш і казла; Колькі ў лес не глядзі, а ваўку ўсё роўна есці трэба ← Колькі (як) ваўка (воўка) ні кармі, <а> ён у лес глядзіць (паглядае).
Далучэнне да зыходнай адзінкі новага тэксту з мэтай іранічнага або жартаўліва- га каментарыя зместу прыказкі, напр.: Век жыві – век вучыся! А калі ж працава- ць? ← Век жыві – век вучыся, <а> дурнем памрэш; Сёмера аднаго не чакаюць. А калі ён начальнік? ← Сямёра аднаго не чакаюць.
Увядзенне зыходнай адзінкі (або яе перафразаванай формы) у той ці іншы стандартны кантэкст, напр.: Верабей: – Э-э-э, на мякіне мяне не правядзеш! ← Старога вераб’я на мякіне не зловіш (не падманеш, не правядзеш); Эпіграф да кулінарнай кнігі: «Першы блін пажадана есці не першым» ← Першы блін камяком.
Кантамінацыя двух (ці болей) зыходных тэкстаў (або іх частак), напр.: Не ведаючы броду, не плюй у воду ← Не ведаючы (не зведаўшы) броду, не сунься ў воду + Не плюй у калодзеж, прыйдзецца напіцца; Сямёра з лыжкай аднаго не чакаюць ← Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю + Сямёра аднаго не чакаюць.
Спосабы і прыёмы дэрывацыі антыпрыказак ізаморфныя спосабам і прыёмам трансфармацыі прыказак пры іх ужыванні ў маўленні, у выніку якой утвараюцца адзінкі, не сінанімічныя зыходным прыказкам. Адным з найбольш прадуктыўных спосабаў дэрывацыі антыпрыказак у беларускай мове з’яўляецца мадэліраванне пэўнага прыказкавага тэксту (каля 20% ад агульнай колькасці антыпрыказак). Трэба адзначыць, што мадэліраванасць адзінак парэміялагічнай сістэмы – гэта праяўленне агульнага прынцыпу мадэліраванасці моўных з’яў. Тое, што незлічоная колькасць парэміялагічных адзінак будуецца паводле пэўных мадэляў, забяспечвае разуменне прыказак, якія падпадаюць у маўленні рознага роду структурным і семантычным трансфармацыям. Адным з вынікаў такіх трансфармацый прыказак з’яўляецца ўтварэнне антыпрыказак.
Спосаб мадэліравання пры ўтварэнні антыпрыказак ў беларускай мове рэалізуецца наступным чынам (Іваноў, Канавалава/Іvanou, Kanavalava, 2011).
Пры ўтварэнні антыпрыказкі шляхам мадэліравання пэўнай прыказкі можа захоўвацца як будова, так і некаторыя лексічныя кампаненты зыходнай адзінкі, напр.: Ад вялікіх грошай малых не шукаюць ← Ад дабра дабра не шукаюць; У падораным канспекце на почырк не глядзяць ← Дараванаму (дарованаму, дармоваму) каню ў зубы не глядзяць; Мужчыны пазнаюцца ў грашах ← Дружба (прыяцель) пазнаецца ў няшчасці; Не гарбатай адзінай ссыць чалавек ← Не хлебам адзіным жыве чалавек; Вялікая галава, ды цяжка насіць ← Залатыя калёсы, але цяжка везці; І на Машку бывае Мішка ← І на старуху бывае праруха. Часта паводле структурнай мадэлі адной шырока вядомай прыказкі ствараецца цэлы шэраг антыпрыказак. Так, на аснове прыказкі Скажы <мне>, хто твае сябры (твой сябра, твой друг), <і> я скажу, хто ты былі створаны антыпрыказкі: Скажы мне, што ты думаеш, і я скажу табе, колькі дзён засталося да тваёй зарплаты; Скажы мне, што ты чытаеш, і я скажу, у якой кнігарні ў цябе знаёмая прадаўшчыца; Скажы мне, дзе поўнач, і я скажу табе, дзе поўдзень. Пры ўтварэнні антыпрыказкі шляхам мадэліравання пэўнай прыказкі не абавязкова захоўваецца пераносны сэнс зыходнай адзінкі, што часцей за ўсё абумоўлена адлюстраваннем новых рэалій жыцця, напр.: Адзін Kozel добра, а з воблай лепш ← Адна галава добра, а дзве <яшчэ> лепш (лепей) (дзе Kozel – вядомае чэшскае піва, якое, лічыцца, як і любое іншае піва, заўсёды смачней ужываць з салёнай рыбай, у дадзеным выпадку – з воблай).
Нярэдка новыя лексічныя кампаненты, якія замяняюць “старыя” ў складзе
зыходнай прыказкі, сэнсава суадносяцца на падставе сувязі тых рэалій, якія яны называюць, напр.: Па лбе граблі знаць ← Па Сеньку (па Хомку) <і> шапка; Даў Бог раток, дасць і карыес ← Даў Бог цяля, дасць і на цяля.
У выніку мадэлявання структуры пэўнай прыказкі можа ўтварацца антыпрыказка, якая зместава з’яўляецца лагічным працягам зыходнай адзінкі. Напр.: Які прыход, такія і прыхаджане ← Які поп, такі і прыход.
Антыпрыказка ўтвараецца на аснове стандартнай парэміялагічнай мадэлі, на узор якой утвораны шэраг прыказак з аднатыпнай структурай (каля 8,5% ад агульнай колькасці адзінак). Так, найбольш распаўсюджанымі структурнымі мадэлямі прыказак, на аснове якіх ў сучаснай беларускай мове рэгулярна ўтвараюцца антыпрыказкі, з’яўляюцца наступныя: “Было б (была б, быў бы) што-небудзь адно, а што-небудзь другое знойдзецца” (напр.: Абы выпіўка і закусь была, а госці знойдуцца; Была бы задніца. А непрыемнасьці знойдуцца…; Былі б грошы, а кляваць іх куры знойдуцца); “Дзе што-небудзь адно, там што-небудзь другое” (напр.: Дзе мёд, там і цукар); “І на чым-небудзь адным ёсць (можа быць) што-небудзь іншае” (напр.: І на пляжы нудыстаў ёсць заканадаўцы мод; І на дрэнным спектаклі можна ўбачыць добры сон); “Колькі ні (як ні) рабі чаго-небудзь, усё роўна адмоўны вынік” (напр.: Колькі газэту да попы ні прыкладай – чытаць не навучыш; Колькі госця ні кармі – усё роўна нап’ецца; Колькі жанчыну ні кармі – яна ўсё адно бікіні купіць; Як імідж ні мяняй, менталітэт усё роўна вылезе); “Лепш што-небудзь адно, чым што- небудзь іншае” (напр.: Лепш маленькі долар, чым вялікі дзякуй; Лепш мець дзве
жонкі, чым адну цешчу; Лепш напіцца і ўссацца, чым нажрацца і ўсрацца!); “Не ўсё тое з’яўляецца чым-небудзь, што мае пэўныя якасці” (напр.: Не ўсё, што зялёнае, яшчэ і лес; Ня ўсё тое пЫва, што жоўтае і пеніцца…); “Нішто так не робіць што-небудзь адно, як што-небудзь другое” (напр.: Нішто так не псуе прагнозы, як надвор’е; Нішто так не скарачае жыццё, як доўгі язык; Нішто так не ўпрыгожвае жыццё жанчыны, як касметыка); “Хочаш што- небудзь адно – рабі што-небудзь другое” (напр.: Хочаш ехаць – бегай!); “Хто робіць што-небудзь адно, той робіць што-небудзь другое” (напр.: Хто шмат балбоча, той дзі-джэем працуе); “Чым больш (менш) чаго-небудзь аднаго, тым менш (больш) чаго-небудзь другога” (напр.: Чым большая інфляцыя, тым больш “мерседэсаў” на вуліцы; Чым больш пра жывёл клапоцісься, тым яны смачнейшыя; Чым даўжэй ногі – тым карацей ночы); “Якое што-небудзь адно, такое і што-небудзь другое” (напр.: Які стол, такі й стул).
Антыпрыказка ўтвараецца на аснове камбінацыі першага і другога відаў мадэліравання (каля 0,5% ад агульнай колькасці адзінак). У межах пэўнай прыказкі замяняюцца ўсе яе лексічныя кампаненты і атрыманае такім чынам выслоўе ўбудоўваецца ў стандартную парэміялагічную мадэль, на ўзор якой утвораны шэраг іншых прыказак з аднатыпнай структурай. Так, пры ўтварэнні антыпрыказкі Кожны панядзелак марыць стаць суботай ці нядзеляй выкарыстоўваюцца дзве прыказкавыя мадэлі: 1) мадэль прыказкі Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам; 2) стандартная парэміялагічная мадэль “Кожны хто-небудзь робіць што-небудзь”.
Антыпрыказка ўтвараецца на ўзор народных прыкмет (каля 1% ад агульнай коль- касці адзінак). У антыпрыказках-прыкметах у камічнай форме адлюстроўваюц- ца заканамернасці сувязей паміж падзеямі і рэаліямі сацыяльнага або духоўнага жыцця, паказваюцца адносіны паміж людзьмі (сямейныя, сваяцкія, працоўныя і інш.). Большасць антыпрыказак-прыкмет утворана паводле мадэлі “Калі…, то (значыць)…”, напр.: Калі трэці дзень запар ня хочацца працаваць, то – сёньня серада; Калі дзядуля на сваё васьмідзесяцігоддзе задзьмуў усе свечкі на торце значыць, кватэра вызваліцца яшчэ не хутка; Калі вас просяць гаварыць праўду і толькі праўду, значыць вы знаходзіцеся на лаве падсудных.
Антыпрыказкі-прыкметы могуць быць па сваёй сінтаксічнай структуры большымі за адзін сказ, складацца з ланцужка сказаў, звязаных паміж сабой звышфразавымі адносінамі, напр.: Калі ў вас пачалі расці рогі – не спяшайцеся абвінавачваць жонку! Магчыма, вы проста казёл. Або: Калі ў жанчыны кальцо на правай руцэ, гэта значыць, што яна замужам. Калі на левай руцэ, гэта нічога не значыць. А калі на правай і на левай, гэта значыць, што яна замужам, але гэта нічога не значыць.
Антыпрыказка ўтвараецца на ўзор жанру прыказак увогуле (каля 3% ад агульнай колькасці адзінак). Гэта т.зв. “сучасныя (сённяшнія) прыказкі”, у якіх капіруецца лагічная структура традыцыйных прыказак. Прататыпамі такіх антыпрыказак выступаюць не нейкія канкрэтныя прыказкі, а ўсе без выключэння парэміялагічныя адзінкі. Большасць такіх антыпрыказак (каля 70%) маюць
канструкцыі дэантанічнага парадку (імператывы, фармулёўкі норм) і зместава выступаюць як антыподы прыказак.
Дэрывацыя антыпрыказак – гэта праяўленне сістэмных адносін у парэміялогіі, паколькі, па-першае, прататыпы антыпрыказак уваходзяць у склад адзінак парэміялагічнага мінімуму мовы (павінны быць вядомыя ўсім носьбітам мовы, на гэтым грунтуецца адэкватнае разуменне антыпрыказкавага зместу), а па-другое, тыя антыпрыказкі, якія набываюць масавы характар ужывання, пераходзяць у разрад прыказак і з’яўляюцца адным са шляхоў папаўнення парэміялагічнага фонду беларускай мовы.
Паводле структуры беларускія антыпрыказкі даволі разнастайныя. Можна вылучыць тры іх наступныя асноўныя структурныя разнавіднасці.
Фразавыя адзінкі, якія могуць быць пабудаваны па ўсіх існуючых мадэлях простых і складаных сказаў, што сустракаюцца ў прыказках, напр.: Адна галава добра, а дзве – мутацыя; З ваўкамі жыць – казлом не быць; На бязрыб’і і рак за руку схопіць; Не адзенне чалавека, а чалавек адзенне псуе; Не ведаючы броду, не плюй у воду; Слова – як птушка: выпусціў – нагадзіць; Тады слова – серабро, калі ў сейфе – золата; Хто апарыўся малаком, той халодную ваду п’е.
Суперфразавыя адзінкі, якія складаюцца з фразы, уведзенай у пэўны кантэкст, найперш з так званых велерызмаў (англ. wellerism) – кампазіцыйных формул з трох частак накшталт “Нешта казаў нехта, калі ён рабіў штосьці” (або толькі з дзвюх частак – “Нешта казаў нехта”), напр.: Дэвіз баксёра: “Сем разоў адмерай, а потым урэж”; Куды не кінь – усюды Клінтан. Моніка Левінскі; Хочаш жыць – умей круціцца! – усклікнуў Уюн, калі выслізнуў з сеткі.
Звышфразавыя адзінкі, якія маюць структуру дыялога або складаюцца з ланцужка сказаў, звязаных паміж сабой звышфразавымі адносінамі, напр.: Воўк лічанае бярэ. Ведае: захочуць – наноў пералічаць; Дзе дрэвы сякуць, там трэскі ляцяць. Каб не ляцелі трэскі, лепш пілуйце; З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Эх, знайсці б таго, у каго грошы вядуцца!; Сямёра аднаго не чакаюць. А калі той адзін пайшоў па пляшку?; – Чаго ж так Моська брэша на Слана? // – Пасадаю вышэй яна!
Антыпрыказкі, як і ўласна прыказкі, могуць мець варыянтныя формы існавання. Як вядома, для парэміялагічных адзінак з’ява варыянтнасці тыповая і пашыраная. Гэта звычайна тлумачыцца тым, што “прыказкі, як правіла, шматкампанентныя моўныя адзінкі… і далёка не заўсёды ўзнаўляюцца ў маўленні рознымі носьбітамі мовы аднолькава – у сваім першасным выглядзе (Лепешаў/Lepeshau, 2006: 39). Для антыпрыказак таксама характэрна з’ява варыянтнасці, хоць і ў значна меншай ступені, чым для прыказак. Сярод даследаваных намі антыпрыказак, толькі каля 2% адзінак маюць варыянтныя формы. Трэба аднак заўважыць, што такая невялікая колькасць варыянтных антыпрыказак можа тлумачыцца адсутнасцю іх належнай
фіксацыі, што ніяк не ўплывае на прадуктыўнасць самой з’явы варыянтнасці антыпрыказак.
У залежнасці ад змяненняў, якія адбываюцца на пэўным моўным узроўні, можна вызначыць наступныя тыпы варыянтаў антыпрыказак.
Лексічныя варыянты, якія могуць быць: а) сінанімічныя словы, напр.: Той, хто смяецца апошнім, магчыма, не зразумеў жарту – Той, хто смяецца апошнім, магчыма, не зразумеў гумару; На піццё і рак свісне – На піццё і рак сцібрыць. У апошнім прыкладзе дзеясловы свіснуць і сцібрыць ужываюцца ў значэнні “красці”; б) кантэкстуальныя сінонімы або несінанімічныя словы, якія або адносяцца да адной тэматычнай групы, або ўступаюць у іншыя сістэмныя адносіны, што не ўплывае на змест антыпрыказкі, напр.: З кім павядзешся, ад таго і дыягназ – З кім павядзешся – ад таго і захварэеш; У няўдалай гаспадыні і апошні блін камяком – У няўдалай гаспадыні і другі блін камяком.
Структурныя варыянты, напр.: Работа ня воўк, работа – гэта ўорк. Вучыце ангельскую, спадарства – Работа – ня воўк. Работа – ўорк, а волк – хадзіць. У другім варыянце антыпрыказкі прапушчаны кампанент гэта, выражаны ўказальным займеннікам.
Камбінаваныя варыянты, якія, у сваю чаргу, складаюцца з наступных: а) спа- лучэнне лексічных і марфалагічных варыянтаў, напр.: Лепш сініца ў руцэ, чым журавель з неба – Лепш варабей у руцэ, чым голуб на галаву; б) спалучэнне лексічных, фанетычных, марфалагічных варыянтаў і змяненне парадку кампа- нентаў у складзе антыпрыказкі, якое не прыўносіць сэнсавых адхіленняў, напр.: Ты, работа, нас ня бойся: мы цябе чапаць ня будзем – Ты работа нас ня бойся: мы цябе не кранем.
Неабходна адзначыць, што пры ўтварэнні многіх антыпрыказак структура зыходных парэмій трансфармуецца не толькі пры дапамозе тыповых спосабаў парадыўнага перафразавання (гл. вышэй), але дзякуючы ўзуальным змяненням (вар’іраванню формы) прыказак. Такія змяненні, у пераважнай большасці, не звязаны са зместам прыказкі, з’яўляюцца вынікам толькі моўнай гульні, якая, у сваю чаргу, спараджае камічны або парадыйны эфект.
Далёка не ўсе з прыведзеных антыпрыказак шырока распаўсюджаны ў маўленні, што, дарэчы, увогуле ўласціва антыпрыказкам як маўленчаму жанру, ужыванне якіх мае індывідуальна-маўленчы характар. Тыя з іх, што замацоўваюцца ў маўленні, могуць з цягам часу страціць свой парадыйны сэнс (у адносінах да зыходнай адзінкі), паколькі ўступаюць у парадыгматычныя адносіны (найчасцей антанімічныя або сінанімічныя) з адзінкамі парэміялагічнай падсістэмы мовы. Так, прыказкі Праца дурня любіць, Праца не воўк, у лес не ўцячэ і да т. п. першапачаткова, відаць, былі антыпрыказкамі, у якіх парадзіравалася адна з традыцыйных прыказкавых мудрасцей – ухваленне працы як асновы жыцця чалавека ў грамадстве.
Разгледжаныя вышэй адзінкі – гэта толькі невялікая частка антыпрыказак, дакладную колькасць якіх у сучаснай беларускай літаратурнай мове на сённяшні дзень вызначыць немагчыма з прычыны таго, што працэс іх актыўнага стварэння яшчэ не скончыўся. Антыпрыказкі былі і застаюцца часткай моўнай культуры беларусаў, з’яўляюцца яскравым сведчаннем невычэрпнай дасціпнасці беларускага народа.
Разам з тым беларускія антыпрыказкі на сённяшні дзень, як заўважалася вышэй, амаль не даследаваны. Парадыйныя ці жартаўлівыя перафразаванні прыказак разглядаюцца, як правіла, на фоне агульнага аналізу трансфармацый прыказкавых адзінак з рознымі мэтамі ў тэкстах розных стыляў і жанраў. Таму лексікаграфічная фіксацыя антыпрыказак і іх вывучэнне як асобных лінгвістычных адзінак (найперш дакладнае вызначэнне іх колькаснага складу, шляхоў узнікнення, сфер ужывання, прататыпаў і спосабаў утварэння, маўленчых сродкаў выражэння камічнага, структурных разнавіднасцей, тэматычнай прыналежнасці і сацыякультурнай каштоўнасці, нацыянальна-культурнай семантыкі і інш.) з’яўляюцца актуальнымі праблемамі сучаснага беларускага мовазнаўства.
Айсман В. (1988), К структуре так называемых бессмыслиц, “Z problemów frazeologii polskiej i słowiańskiej”, Wrocław, Warszawa, Gdańsk, Łódź, IV, s. 99–114.
Богатырев П.Г. (1962), Формула невозможного в славянском фольклоре, “Славянский филологический сборник”, Уфа, c. 347–363.
Боровая И.И., Иванов Е.Е. (2007), Типы русских антипословиц, “Текст. Язык. Человек”, Мозырь, 1, с. 16–19.
Бутько Ю.В. (2009), Лингвокультурологическая характеристика межтекстовых связей в условиях демократизации языковых процессов (на материале лингвокультурологического анализа паремий), АКД, Ярославль.
Вальтер X. (2004), Образ женщины в русских антипословицах, “Słowo. Tekst. Czas.
VII. Środki nominacji w nowej Europie”, Szczecin, Greifswald, s. 327–338.
Вальтер X., Мокиенко В. (2001), Паремиологические трансформы в речи и жаргонe, “Функционирование стандартных и субстандартных языковых единиц”, Магнитогорск, с. 35–53.
Вальтер Х., Мокиенко В. (2005), Антипословицы русского народа, Санкт-Петербург.
Вальтер X., Мокиенко В. (2007), Русские антипословицы и их лексикографическое описание, “Acta Ethnographica Hungarica”, 52, 1, s. 157–175.
Дубичинский В. (2005), Против чего же “Антипословицы”?, “Грани слова”, Москва, с. 629–634.
Жигарина Е.Е. (2006), Современное бытование пословиц: вариативность и полифунк- циональность текстов, АКД, Москва.
Зайкина З.М. (2015), Антипословичное представление о трудовой деятельности носителей русского языка, “Филологические науки. Вопросы теории и практики”, 8, 1, с. 75–78.
Иванов Е.Е. (2009), Антипословицы рунета (типология и словарь), Минск.
Иванов Е.Е. (2011), Способы и средства деривации белорусских антипословиц, “Фразе- ология и языковая динамика”, Greifswald, Санкт-Петербург, c. 281–282.
Иванов Е.Е. (2016), Лингвистика афоризма, Могилев.
Иванов Е.Е., Боровая И.И. (2009), Типы русских антипословиц, “Varietaten im Slavischen”, Frankfurt am Main, s. 111–122.
Іванова С., Іваноў Я. (2010), Антыцытаты ў сучаснай беларускай мове, “Phraseologische Studien: Dynamische Tendenzen in der slawischen Phraseologie”, Greifswald, s. 174–183.
Іванова С.Ф., Іваноў Я.Я., Шпакоўская В.А. (2010), Парадыйныя, іранічныя і жартоўныя трансфармацыі крылатых выразаў (да складання слоўніка беларускіх антыпрыказак), “Acta Germano-Slavica”, 4, c. 52–61.
Іваноў Я.Я. (2004а), Сацыялінгвістычныя параметры беларускіх прыказак (да праблемы вызначэння парэміялагічнага мінімуму і асноўнага парэміялагічнага фонду сучаснай беларускай літаратурнай мовы), “Мова і соцыум”, Магілёў, c. 201–224.
Іваноў Я.Я. (2004б), Афарыстыка мовы мастацкага твора. Паэма Якуба Коласа “Новая зямля”: лексікаграфічны аспект, Магілёў.
Іваноў Я.Я. (2005), Аб другасным спосабе дэрывацыі непрэцэдэнтных афарызмаў, “Грани слова”, Москва, c. 463–468.
Іваноў Я.Я. (2006), Да праблемы ўкладання слоўніка афарызмаў мовы твораў Якуба Коласа, “Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта”, 1, с. 83–88.
Іваноў Я.Я. (2009), Ад прыказкі да анты-прыказкі (эвалюцыя жанру), “Україньска мова серед інших слов’яньских: етнологічні та граматичні параметри”, Кривий Ріг, с. 168–176.
Іваноў Я.Я. (2013), Прыказкі і антыпрыказкі ў беларускай і іншых славянскіх і неславянскіх мовах, “Славянские народы и их культуры: традиция и современность”, Гомель, с. 137–139.
Іваноў Я.Я. (2017), Афарыстычныя адзінкі ў беларускай мове, Магілёў.
Іваноў Я.Я., Канавалава І.С. (2010), Антыпрыказкі і праблема іх вывучэння ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, “Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 4”, 3, с. 11–15.
Іваноў Я.Я., Канавалава І.С. (2011), Мадэліраванне прыказкавага тэксту як спосаб дэрывацыі антыпрыказак, “Литературная и диалектная фразеология: история и развитие (Пятые Жуковские чтения)”, Великий Новгород, 1, с. 416–419.
Канавалава І.С. (2010а), Да праблемы вызначэння паняцця “антыпрыказка”, “Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна”, 2, с. 92–97.
Канавалава І.С. (2010б), Прадметна-тэматычная класіфікацыя беларускіх антыпры- казак, “Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова”, 2, с. 60–66.
Канавалава І.С. (2010в), Субстытуцыя кампанентаў прыказкі як спосаб яе пераўтварэння ў антыпрыказку, “Славянская фразеология и паремиология в XXI веке”, Минск, с. 213–216.
Канавалава І.С. (2011), Варыянтнасць прыказак і антыпрыказак, “Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А”, 1, с. 108–113.
Канавалава І.С., (2013), Стылістычныя фігуры як сродак выражэння камічнага ў беларускіх антыпрыказках, “Научные стремления”, 7, с. 43–46.
Коновалова И.С. (2011), Антипословицы в белорусском языке, “Фразеология и языковая динамика”, Greifswald, Санкт-Петербург, c. 283–285.
Котова М.Ю. (2000), Русско-славянский словарь пословиц (с английскими соответстви- ями), Санкт-Петербург.
Крейдлин Г.Е. (1989), Структура афоризма, “Проблемы структурной лингвистики (1985–1987)”, Москва, с. 196–206.
Лепешаў І.Я. (2006), Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства, Гродна. Лепешаў I.Я., Якалцэвіч М.А. (2002), Слоўнік беларускіх прыказак, Мінск.
Маслова В.А. (2014), Новые русские пословицы: когнитивный и лингвокультурологический аспекты, “Вестник Новгородского государственного университета им. Ярослава Мудрого”, 77, с. 81–84.
Мокиенко В.М., Вальтер Х. (2006), Прикольный словарь (антипословицы и антиафо- ризмы), Санкт-Петербург.
Никитина Т.Г (2014), Новый “статус” русских антипословиц, “Вестник Новгородского государственного университета им. Ярослава Мудрого”, 77, с. 87–89.
Николаева Е.К. (2002), Трансформированные пословицы как элемент современной смеховой культуры, “Słowo. Tekst. Czas. VI. Nowa frazeologia w nowej Europie”, Szczecin, Greifswald, S. 158–164.
Падбярэскі З. (2007), Старыя прыказкі на новы лад: “Зь песьні слоў ня выкінеш – песьню сканфіскуюць”, “Радыё Свабода”.
Паремиология без границ (2020), М.А. Бредис, О.В. Ломакина (ред.), Российский уни- верситет дружбы народов, Москва.
Паремиология в дискурсе (2015), О.В. Ломакина (ред.), URSS: Ленанд, Москва.
Савенкова Л.Б. (2014), Представление о коллективном субъекте в пространстве современных русских антипословиц, “Вестник Новгородского государственного университета им. Ярослава Мудрого”, 77, с. 35–37.
Селиверстова Е. (2003), “Чем дальше в лес, тем тише едешь”: новое в пословицах, “Frazeologické śtúdie”, III, s. 200–211.
Фёдорова Н.Н. (2007), Современные трансформации русских пословиц, АКД, Великий Новгород.
Ярхо В.Н. (1982), Примечания, “Менандр. Комедии. Фрагменты”, Москва, с. 436–563. Éluard P., Péret B. (1972), 152 proverbes mis au goût du jour, Paris.
Ivanov E. (2002), Paremiological Minimum and Basic Paremiological Stock (Belarusian and Russian), “Individual Research Support Scheme Grant No 148/2000. Final Report. Vol. 2”, Prague.
Ivanov E. (2008), Paremiological Minimum of the Belarusian Language, “Acta Germano- Slavica”, 3, c. 283–302.
Litovkina A.T. (2006), “На net и суда нет”: punning in Anglo-American and Russian Anti- Proverbs, “Слово в словаре и в дискурсе”, Москва, с. 556–570.
Litovkina A.T. (2007), “Never do today what can be done tomorrow” – most frequent types of alteration in anglo-american and Russian proverb transformations, “Frazeologija v jezikoslovju in drugih vedah: Europhras Slovenija 2005”, Strunjan, 12–14 september 2005, Ljubljana, s. 451–471.
Litovkina A.T., Vargha K. (2005), “Viccében él a nemzet”. Magyar kózmondás-paródiák, Budapest.
Mieder W. (1982–1989), Antisprichwörter, Wiesbaden, Bd. 1–3.
Mieder W. (1998), Verdrehte Weisheiten: Antisprichwörter aus Literatur und Medien. Gesellschaft für Deutsche Sprache, Quelle & Meyer, Wiesbaden.
Mieder W., Litovkina A.T. (1999), Twisted Wisdom: Modern Anti-Proverbs, Burlington.
Schindler F. (1993), Sprichwört im heutigen Tschechischen: empirische Untersuchungen und semantische Beschreibung, München.
Schindler F., Bittnerová D. (1997), Česká přísloví. Soudobý stav konce XX století, Praha. Walter H., Mokienko V. (2002), Wörterbuch russischer Anti-Sprichwörter, Greifswald.
Ajsman V. (1988), K strukture tak nazyvajemyh bessmyslic, “Z problemów frazeologii polskiej i słowiańskiej”, Wrocław, Warszawa, Gdańsk, Łódź, IV, s. 99–114.
Bogatyrjov P.G. (1962), Formula nevozmozhnogo v slavjanskom fol’klore, “Slavjanskij filo- logicheskij sbornik”, Ufa, c. 347–363.
Borovaja I.I., Ivanov E.E. (2007), Tipy russkih antiposlovic, “Tekst. Yazyk. Chelovek”, Mo- zyr’, 1, s. 16–19.
But’ko Yu.V. (2009), Lingvokul’turologicheskaja harakteristika mezhtekstovyh svjazej v uslo- vijah demokratizacii jazykovyh processov (na materiale lingvokul’turologicheskogo analiza paremij), AKD, Yaroslavl’.
Dubichinskij V. (2005), Protiv chego zhe “Antiposlovicy”?, “Grani slova”, Moskva, s. 629–634. Éluard P., Péret B. (1972), 152 proverbes mis au goût du jour, Paris.
Fjodorova N.N. (2007), Sovremennyje transformacii russkih poslovic, AKD, Velikij Novgorod.
Ivanov E. (2002), Paremiological Minimum and Basic Paremiological Stock (Belarusian and Russian), “Individual Research Support Scheme Grant No 148/2000. Final Report. Vol. 2”, Prague.
Ivanov E. (2008), Paremiological Minimum of the Belarusian Language, “Acta Germano- Slavica”, 3, c. 283–302.
Ivanov E.E. (2009), Antiposlovicy runeta (tipologija i slovar’), Minsk.
Ivanov E.E. (2011), Sposoby i sredstva derivacii belorusskih antiposlovic, “Frazeologija i yazykovaja dinamika”, Greifswald, Sankt-Peterburg, c. 281–282.
Ivanov E.E. (2016), Lingvistika aforizma, Mogilev.
Ivanov E.E., Borovaya I.I. (2009). Tipy russkih antiposlovic, “Varietaten im Slavischen”, Frankfurt am Main, s. 111–122.
Іvanova S., Іvanou Ya. (2010), Antycytaty u suchasnaj belaruskaj move, “Phraseologische Studien: Dynamische Tendenzen in der slawischen Phraseologie”, Greifswald, s. 174–183.
Іvanova S.F., Іvanou Ya.Ya., Shpakouskaja V.A. (2010), Paradyjnyja, іranіchnyja і zhartouny- ja transfarmacyі krylatyh vyrazau (da skladannja slounіka belaruskіh antyprykazak), “Acta Germano-Slavica”, 4, c. 52–61.
Іvanou Ya.Ya. (2004a), Sacyjalіngvіstychnyja parametry belaruskіh prykazak (da prablemy vyznachennya paremіjalagіchnaga mіnіmumu і asnounaga paremіjalagіchnaga fondu sucha- snaj belaruskaj lіtaraturnaj movy), “Mova і socyum”, Magіljou, c. 201–224.
Іvanou Ya.Ya. (2004b), Afarystyka movy mastackaga tvora. Paema Yakuba Kolasa “Novaja zjamlja”: leksіkagrafіchny aspekt, Magіljou.
Іvanou Ya.Ya. (2005), Ab drugasnym sposabe deryvacyі neprecedentnyh afaryzmau, “Grani slova”, Moskva, c. 463–468.
Іvanou Ya.Ya. (2006), Da prablemy ukladannja slounіka afaryzmau movy tvorau Yakuba
Kolasa, “Vesnіk Mazyrskaga dzjarzhaunaga pedagagіchnaga unіversіteta”, 1, s. 83–88.
Іvanou Ya.Ya. (2009), Ad prykazkі da anty-prykazkі (evaljucyja zhanru), “Ukraїn’ska mova sered іnshih slov’yan’skih: etnologіchnі ta gramatichnі parametri”, Krivij Rіg, s. 168–176.
Іvanou Ya.Ya. (2013), Prykazkі і antyprykazkі u belaruskaj і іnshyh slavjanskіh і neslavjanskіh
movah, “Slavjanskie narody i ih kul’tury: tradicija i sovremennost’”, Gomel’, s. 137–139. Іvanou Ya.Ya. (2017), Afarystychnyja adzіnkі u belaruskaj move, Magіljou.
Іvanou Ya.Ya., Kanavalava І.S. (2010), Antyprykazkі і prablema іh vyvuchennja u suchasnaj be-t laruskaj lіtaraturnaj move, “Vesnіk Belaruskaga dzjarzhaunaga unіversіteta. Seryja 4”, 3, s. 11–15.
Іvanou Ya.Ya., Kanavalava І.S. (2011), Madelіravanne prykazkavaga tekstu jak sposab deryvacyі antyprykazak, “Literaturnaja i dialektnaja frazeologija: istorija i razvitie (Pjatyje Zhukovskie chtenija)”, Velikij Novgorod, 1, s. 416–419.
Kanavalava І.S. (2010a), Da prablemy vyznachennja panjaccja “antyprykazka”, “Vesnіk Mazyrskaga dzjarzhaunaga pedagagіchnaga unіversіteta іmja І.P. Shamjakіna”, 2, s. 92–97.
Kanavalava І.S. (2010b), Pradmetna-tematychnaja klasіfіkacyja belaruskіh antyprykazak, “Vesnіk Magіljouskaga dzjarzhaunaga unіversіteta іmja A.A. Kuljashova”, 2, s. 60–66.
Kanavalava І.S. (2010v), Substytucyja kampanentau prykazkі jak sposab jaje perautvarennja
u antyprykazku, “Slavjanskaja frazeologija i paremiologija v XXI veke”, Minsk, s. 213–216.
Kanavalava І.S. (2011), Varyjantnasc’ prykazak і antyprykazak, “Vestnik Polockogo gosudar- stvennogo universiteta. Serija A”, 1, s. 108–113.
Kanavalava І.S., (2013), Stylіstychnyja fіgury jak srodak vyrazhennja kamіchnaga u belaruskіh antyprykazkah, “Nauchnyje stremlenija”, 7, s. 43–46.
Konovalova I.S. (2011), Antiposlovicy v belorusskom jazyke, “Frazeologija i jazykovaja di- namika”, Greifswald, Sankt-Peterburg, c. 283–285.
Kotova M.Yu. (2000), Russko-slavjanskij slovar’ poslovic (s anglijskimi sootvetstvijami), Sankt-Peterburg.
Krejdlin G.E. (1989), Struktura aforizma, “Problemy strukturnoj lingvistiki (1985–1987)”, Moskva, s. 196–206.
Lepeshau І.Ya. (2006), Paremіjalogіja jak asobny razdzel movaznaustva, Grodna.
Lepeshau I.Ya., Yakalcevіch M.A. (2002), Slounіk belaruskіh prykazak, Mіnsk.
Litovkina A.T. (2006), “Na net i suda net”: punning in Anglo-American and Russian Anti- Proverbs, “Slovo v slovare i v diskurse", Moskva, s. 556–570.
Litovkina A.T. (2007), “Never do today what can be done tomorrow” – most frequent types of alteration in anglo-american and Russian proverb transformations, “Frazeologija v jezikoslovju in drugih vedah: Europhras Slovenija 2005”, Strunjan, 12–14 september 2005, Ljubljana, s. 451–471.
Litovkina A.T., Vargha K. (2005), “Viccében él a nemzet”. Magyar kózmondás-paródiák, Budapest.
Maslova V.A. (2014), Novyje russkije poslovicy: kognitivnyj i lingvokul’turologicheskij aspekty, “Vestnik Novgorodskogo gosudarstvennogo universiteta im. Yaroslava Mudrogo”, 77, s. 81–84.
Mieder W. (1982–1989), Antisprichwörter, Wiesbaden, Bd. 1–3.
Mieder W. (1998), Verdrehte Weisheiten: Antisprichwörter aus Literatur und Medien. Gesell- schaft für Deutsche Sprache, Quelle & Meyer, Wiesbaden.
Mieder W., Litovkina A.T. (1999), Twisted Wisdom: Modern Anti-Proverbs, Burlington.
Mokienko V.M., Val’ter H. (2006), Prikol’nyj slovar’ (antiposlovicy i antiaforizmy), Sankt- Peterburg.
Nikitina T.G (2014), Novyj “status” russkih antiposlovic, “Vestnik Novgorodskogo gosudar- stvennogo universiteta im. Yaroslava Mudrogo”, 77, s. 87–89.
Nikolajeva E.K. (2002), Transformirovannyje poslovicy kak element sovremennoj smekhovoj kul’tury, “Słowo. Tekst. Czas. VI. Nowa frazeologia w nowej Europie”, Szczecin, Greifswald,
S. 158–164.
Padbjareskі Z. (2007), Staryja prykazkі na novy lad: “Z pes’nі slou nja vykіnesh – pes’nju skanfіskujuc’”, “Radyjo Svaboda”.
Paremiologija bez granic (2020), M.A. Bredis, O.V. Lomakina (red.), Rossijskij universitet druzhby narodov, Moskva.
Paremiologija v diskurse (2015), O.V. Lomakina (red.), URSS: Lenand, Moskva.
Savenkova L.B. (2014), Predstavlenije o kollektivnom sub’ekte v prostranstve sovremennyh russkih antiposlovic, “Vestnik Novgorodskogo gosudarstvennogo universiteta im. Yaroslava Mudrogo”, 77, s. 35–37.
Schindler F. (1993), Sprichwört im heutigen Tschechischen: empirische Untersuchungen und semantische Beschreibung, München.
Schindler F., Bittnerová D. (1997), Česká přísloví. Soudobý stav konce XX století, Praha.
Seliverstova E. (2003), “Chem dal’she v les, tem tishe edesh’”: novoe v poslovicah, “Fraze- ologické śtúdie”, III, s. 200–211.
Val’ter H., Mokienko V.M. (2005), Antiposlovicy russkogo naroda, Sankt-Peterburg.
Val’ter X. (2004), Obraz zhenshchiny v russkih antiposlovicah, “Słowo. Tekst. Czas. VII. Środki nominacji w nowej Europie”, Szczecin, Greifswald, s. 327–338.
Val’ter X., Mokienko V. (2001), Paremiologicheskije transformy v rechi i zhargone, “Funk- cionirovanie standartnyh i substandartnyh jazykovyh edinic”, Magnitogorsk, s. 35–53.
Val’ter X., Mokienko V. (2007), Russkie antiposlovicy i ih leksikograficheskoe opisanie, “Acta Ethnographica Hungarica”, 52, 1, s. 157–175.
Walter H., Mokienko V. (2002), Wörterbuch russischer Anti-Sprichwörter, Greifswald. Yarho V.N. (1982), Primechanija, “Menandr. Komedii. Fragmenty”, Moskva, s. 436–563.
Zajkina Z.M. (2015), Antiposlovichnoe predstavlenie o trudovoj dejatel’nosti nositelej russkogo jazyka, “Filologicheskie nauki. Voprosy teorii i praktiki”, 8, 1, s. 75–78.
Zhigarina E.E. (2006), Sovremennoe bytovanie poslovic: variativnost’ i polifunkcional’nost’ tekstov, AKD, Moskva.
Резюме
В статье рассматривается понятие антипословицы, основные этапы ее развития и исследования как лингвистического явления. Определяется проблема изучения и лексикографирования антипословиц в современном белорусском языке. Описываются история развития, состав, основные сферы употребления, тематические группы, разновидности прототипов (исходных текстов), наиболее продуктивные способы деривации, связь с содержанием исходного текста, структурные типы и вариантные формы белорусских антипословиц.
Ключевые слова: современный белорусский язык, антипословица, пословица, содержание, структура, деривация, функционирование
W artykule rozpatrywane jest pojęcie antyprzysłowia, główne etapy jego rozwoju i analizy jako zjawiska lingwistycznego. Określono problem badania i opracowań leksykograficznych antyprzysłów we współczesnym języku białoruskim. Opisano historię rozwoju, skład, podstawowe sfery użycia, grupy tematyczne, odmiany prototypów (tekstów wyjściowych), najbardziej produktywne sposoby derywacji, związek z treścią tekstu wyjściowego, typy strukturalne oraz formy wariacyjne białoruskich antyprzysłów.
Słowa kluczowe: współczesny język białoruski, antyprzysłowie, przysłowie, treść, struktura, derywacja, funkcjonowanie
The article deals with the concept of anti-proverb, the main stages of its development and research as a linguistic phenomenon. The problem of studying and lexicographical representation of anti-proverbs in the modern Belarusian language is determined. The history of development, composition, main areas of usage, thematic groups, varieties of prototypes (source texts), the most productive methods of derivation, connection with the content of the source text, structural types and variant forms of Belarusian anti-proverbs are described.
Keywords: the modern Belarusian language, anti-proverb, proverb, content, structure, derivation, usage